Віківясна 2016 і Фаланстэр. Абрысы будучыні
Вікіпедысты Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў траўні завяршылі конкурс “ВікіВясна-2016”. У прадуктыўнасці беларусы лідыруюць, стварыўшы сярод 28 моўных раздзелаў Вікіпедыі найбольш артыкулаў, але справа мае два бакі і пра іх трэба сказаць менавіта зараз.
Спачатку пра дасягненні
13 беларусікіх канкурсантаў стварылі 1014 артыкулаў (усяго было створана 9170) гэта каля 15 % ад агульнай колькасці артыкулаў усяго кнкурса. Нагадаем, сутнасць праекта заключаецца ў тым, што на працягу трох месяцаў удзельнікі з розных краін рэгіёну ствараюць артыкулы пра сваіх суседзяў паводле загадзя рэкамендаваных тэматычных спісаў. Сярод пераможцаў па беларускім раздзелам таксама аўтары з Украіны, Польшчы і Францыі. Згодна рашэння журы, што складалася са сталых беларускіх вікіпедыстаў, былі вызначаны 5 пераможцаў конкурсу.
У беларускім раздзеле сучасным правапісам перамаглі: у намінацыі “Самы актыўны ўдзельнік” – Artificial123 (380 артыкулаў); у намінацыі “Дэбют” – Ihar Dorinel.
У беларускім раздзеле класічным правапісам: у намінацыі “За найбольшую колькасць конкурсных артыкулаў” – Raviaka Ruslan (166 артыкулаў); у намінацыі “За найбольш ёмкія і якасныя артыкулы” – Renessaince; У намінацыі “За актыўны ўдзел” – Lesnas ättling.
Мы як і абяцалі, падрыхтавалі прызы, частка з якіх ужо раздадзена, частка - чакае сваіх уладальнікаў.
Чаму мы ў тэме
Нам важна, каб развіваліся беларускамоўныя свабодныя веды. І мы лічым, што Вікіпедыя з’яўляецца цэнтрам стварэння і распаўсюды такіх ведаў. Таму мы выдаткоўваем свой час, сілы, рэсурсы арганізацыі для прасоўвання вікі-прынцыпаў і тэхналогіяў у грамадства. Мы самі актыўна карыстаемся такімі тэхналогіямі ў нашай вікі.
Фаланстэр падтрымлівае арганізацыйна і рэсурсна гэта мерапрыемства два апошнія гады. ВікіВясна - гэта штогадовы конкурс. Таму ў наступны год зноў паўстане пытанне, хто будзе арганізатарам. Мы ўтрымаемся, бо, па-першае, нам хочацца, каб нехта яшчэ паспрабаваў сябе ў ролі арганізатара. Гэта вельмі важна для росту супольнасці.
Па-другое, мы будзем заняты нейкім вікі-праектам, прысвечаным адукацыі, або Вікіфікацыі невялікіх гарадоў (вікі-экспедыцыямі).
І, па-трэцяе, звычайна кожны год вясной распачынаецца конкурс “Вікі любіць Зямлю”, прысвечаны набору фота прыродных з’яваў і мы плануем яго арганізаваць па Беларусі.
Да пачатку наступнага конкурса ёсць яшчэ 8 месяцаў і вікі-супольнасць можа знайсці некалькі чалавек для спакойнай падрыхтоўкі. Гэта не складаней чым пісаць артыкулы =). Са свайго боку мы падзелімся ведамі нашых арганізацый.

Даведка:
“ВікіВясна” – мерапрыемства, што ладзіцца штогод вікі супольнасцю з рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ідэя конкурсу “ВікіВясна” – пашырыць інфармацыю пра краіны рэгіёну, прыцягнуць увагу да асаблівасцяў гэтых краін, узмацніць супрацоўніцтва паміж рознымі моўнымі раздзеламі “свабоднай энцыклапедыі”, а таксама стымуляваць стварэнне артыкулаў пра кожную краіну рэгіёну ў кожным з раздзелаў Вікіпедыі гэтага рэгіёну. Фаланстэр падтырмлівае беларускую частку конкурсу “ВікіВясна- 2016” згодна сваёй праграме развіцця на 2015-2016 гады. Афіцыйная міжнародная старонка конкурсу “ВікіВясна-2016” – Wikimedia CEE Spring 2016.
