Вікілетнік-2017 у Капылі
З 11 па 17 ліпеня ў г. Капыль Мінскай вобласці прайшоў першы ў гісторыі беларускай Вікіпедыі летнік. Мерапрыемства сабрала каля 20 ўдзельнікаў – рэдактараў Вікіпедыі з розных мясцін Беларусі, а таксама з Украіны, Польшчы і Германіі. Арганізатарамі былі МГА "Фаланстэр" і беларускія вікіпедысты. Праграма летніка складалася з майстар-класаў, прэзентацый, дыскусій, экскурсій і іншых актыўнасцяў, скіраваных на выбудову адносін супрацоўніцтва паміж людзьмі.

Фота: Mr. Zabej
Мэтай першага беларускага Вікілетніка было паскарэнне і ўдасканаленне абмену арганізацыйнымі, сацыяльнымі і тэхнічнымі ведамі паміж актыўнымі вікіпачаткоўцамі і вікіпедыстамі з досведам. Беларуская вікісупольнасць – даволі моцная сіла, калі яна працуе ў Сеціве: створана амаль 150 тысяч артыкулаў на беларускай мове, і з кожным годам тэмпы працы нарастаюць. Аднак беларускім вікіпедыстам не хапала мерапрыемстваў, падчас якіх яны маглі б пазнаёміцца паміж сабой з мэтай замацавання сувязяў супольнасці.
Ініцыятары Вікілетніка паставілі перад сабой задачу сабраць у адным месцы зацікаўленых, пазнаёміць іх паміж сабой, наладзіць дыялог, абмен думкамі, ведамі, досведам, абмяркаваць сумесныя праекты на будучыню, вызначыць мэты, да якіх можна супольна імкнуцца.
Сімвалам мерапрыемства быў абраны слімак – істота, якая вельмі павольна, але метанакіравана паўзе наперад. Гэты метафарычны вобраз павінен быў нагадаць удзельнікам, як марудна ідзе працэс крышталізацыі беларускага вікіруху ў сапраўдную грамадскую арганізацыю (вікіпедысты суседніх краін даўно ўжо зарэгістравалі свае нацыянальныя аддзяленні міжнароднага Фонду Вікімедыя).
Вынікі праведзенага летніка: акрамя мноства тэм гуманітарнага і тэхнічнага плана, якія ўдзельнікі дэтальна разабралі на сваіх занятках, было створана 10 новых і палепшана 15 існуючых артыкулаў у беларускай і ўкраінскай Вікіпедыях (у асноўным – пра Капыльшчыну і Нясвіж), заладкавана ў ВікіСховішча амаль 300 фотаздымкаў і графічных файлаў (таксама пра гістарычныя і геаграфічныя аб’екты Капыля і яго ваколіц). Было распрацавана некалькі новых шаблонаў, зроблены ўнёсак у іншыя Вікіпраекты, такія як Вікіслоўнік і Вікізвесткі (WikiData).

Хакатон. Фота: Нестеренко Оля
У першыя дні мерапрыемства для ўдзельнікаў былі арганізаваныя экскурсіі ў гісторыка-культурны музей-запаведнік Нясвіж і Капыльскі краязнаўчы музей. Супрацоўнікі краязнаўчага музея ў Капылі зладзілі таксама працяглую і змястоўную экскурсію па горадзе з аглядам старажытых могілак і замчышча.

Комплекс будынкаў на плошчы Леніна ў Капылі. Фота: DobryBrat
У наступныя дні вікі-рэдактары з раніцы да самага вечара праз практыку замацоўвалі свае веды па самых розных напрамках і тэхналогіях. Шмат пытанняў падымалася адносна развіцця беларускай вікісупольнасці, было вырашана на перыядычнай аснове ладзіць фармальныя і нефармальныя мерапрыемствы, напрыклад, вікі-экспедыцыі па мала асветленых на старонках Вікіпедыі мясцінах нашай краіны. Спецыяльна запрошаныя госці з Германіі і Польшчы адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і насычаную праграму мерапрыемства, нягледзячы на тое, што ў такім фармаце яно ладзілася ўпершыню.

Фота: Svetit
ДАВЕДКА:
Вікіпедыя – вольная энцыклапедыя, якую супольна пішуць і падтрымліваюць яе чытачы. Яна працуе на спецыяльным тыпе праграмнага забеспячэння, які называецца "вікі" (адсюль назва), і прызначаны як мага лепей забяспечваць супольную працу. У Вікіпедыі адсутнічае рэклама, і ў сукупнасці з іншымі прычынамі гэта надае ёй надзвычай высокую папулярнасць у свеце.
Вікіпраца па самых розных напрамках грунтуецца выключна на добрай волі і энтузіязме яе прыхільнікаў. Яны носяць у сваіх галовах роздум, якім падзяліўся некалі заснавальнік Вікіпедыі Джымі Вэйлз: “Уявіце сабе свет, у якім кожны чалавек мае свабодны доступ да ўсіх накопленых чалавецтвам ведаў”.
Васіль Кісляк, Мінск
Больш фота глядзіце на Wiki Commons.
Артыкулы, шаблоны, файлы і г.д., зробленыя падчас Летніка.
