Як раварысту выжыць на дарозе
аўт, 03/11/2014 - 17:15
У суботу, 8 сакавіка аматары веларуху Беларусі распавялі, як выжыць на беларускіх роварных дарожках і абараніць свае правы.
Прайшоў толькі тыдзень вясны, а мінскія раварысты ўжо неафіцыйна адкрылі сезон і сабраліся, каб абмеркаваць, як дапамагчы сабе і іншаму, хто выбірае для паездак два колы.
Сустрэча адбывалася на мінскай «Велакухні». Займальнае памяшканне велакухні дапамагала афармляць сваімі графіці адна з арганізатарак «Дапаможніка» Святлана Ермаковіч, якая з руплівасцю распавяла пра стартаванне «Дапаможніка раварыста 2.0».


Прэзентацыя такога праекту праходзіла ў першы раз і адбывалася ў даволі цеснай кампаніі. Шмат хто з прысутных ужо ведалі адзін аднаго і былі звязаныя з беларускім веларухам.


«Дапаможнік раварыста», другой версіі якога і была прысвечана сустрэча, - праект моладзевага аб'яднання Фаланстэр. Па словах Святланы, галоўнай задачай праекту цяпер з'яўляецца зацікаўленне ўсіх неабыякавых да стварэння брашуры. Дапамагчы ў гэтым можна абсалютна розным чынам: ад напісання тэкстаў і стварэння фотарэпартажаў да дызайнерскага афармлення.

Святлана распавяла, што галоўнай мэтай з'яўляецца атрыманне пэўнай юрыдычнай дапамогі і прыцягненне ўвагі да праблем ровараў на беларускіх дарогах. А праблемы нескладана заўважыць нават пешым удзельнікам дарожнага руху. Варта толькі выйсці на мінскія вуліцы і паглядзець на агінаючых пешаходаў раварыстаў, якія праз адсутнасць дарожак вымушаныя прыносіць у сваю язду і жыццё мінчукоў долю экстрыму.

Пасля самой прэзентацыі ўдзельнікі сустрэчы не спяшаліся разыходзіцца, дзякуючы па-хатняму мілай атмасферы вузкай кампаніі. Адна з асаблівасцяў велакухні – гэта самы сапраўдны самавар, з якога можна было рабіць гарбату і з печывам назіраць, як «ажываюць» ровары, якія сюды прыехалі разам са сваімі ўладальнікамі.



Магчымасць пазнаёміцца з «Дапаможнікам» і нават паўдзельнічаць у яго стварэнні будзе не толькі ў мінчукоў. Праект плануюць прэзентаваць па ўсіх абласных гарадах Беларусі.
Велакухня «Гараж 38» была створаная ў мінулым годзе некалькімі актывістамі веларуху Беларусі. Па словах аднаго з стваральнікаў, ідэя велакухні была супольная, але прывезеная з Еўропы велаактывістам Джонам. Ён казаў, што летась наведаў у Вене падобную веламайстэрню. Было вырашана стварыць такую ў Мінску. Ідэя даволі незвычайная для Беларусі, але захапляе сваёй адкрытасцю: у майстэрні ўсё вольнае і бясплатнае.
Ліна Жарская
