"prima causa"

Дзень Адкрытых Дадзеных у Мінску

аўт, 03/04/2014 - 22:45

Дзень Адкрытых Дадзеных упершыню прайшоў у Мінску 22 лютага. Арганізатарам мерапрыемства выступіла моладзевая арганізацыя “Фаланстар”, якая такім чынам далучылася да міжнароднага фэстывалю Адкрытых Дадзеных, які адначасова праходзіць у розных кутках планеты.

Да 16.00 у бізнес-клубе Imaguru пачалі збірацца праграмісты, валанцёры, журналісты і іншыя цікавыя і зацікаўленыя маладыя людзі. Пачалі са знаёмства з арганізацыяй “Фаланстар”. Аб гісторыі і перадумовах яе ўзнікнення, мэтах і задачах, якія яна перад сабой ставіць, а таксама аб праграмных сродках, якія для гэтага выкарыстоўвае,  захапляльна распавёў Міхась Воўчак.

Далей рэдактар сайта opendata.by Аляксей Мядзвецкі распавёў пра тое, што азначае панятак Адкрытых Дадзеных, і прэзентаваў праект “Бяспечны горад”, які на аснове дадзеных Міністэрства надзвычайных сітуацыяў даследуе прычыны ўзгарання і ўтрымлівае мапу пажараў у Мінску.

 

Пасля гэтага на сцэну выйшаў замежны госць – прадстаўнік нямецкай Партыі Піратаў і актывіст руху за Адкрытыя Дадзеныя Марцін Кліім з Франкфурта. У сваёй прэзентацыі ён распавёў аб сітуацыі з Адкрытымі Дадзенымі і цікавых праектах па гэтай тэме ў Франкфурце, Вене, Барселоне і іншых еўрапейскіх гарадах. Пра ўсё гэта Марцін распавядаў на ангельскай мове. Ролю ягонай перакладчыцы цудоўна выканала прыгажуня-валанцёрка Юля, але было дзіўна і прыемна, што амаль усе слухачы разумелі сэнс прамоўленага і без перакладу.

 

Апасля перапынку, які прайшоў у жывых абмеркаваннях за гарбатаю ды каваю з печывам, праект nagrady.by быў прадстаўлены адным з актывістаў Фаланстара – Раманам Будным. Праект прысвечаны аналізу палітыкі дзяржавы ў сферы прэміравання ордэнамі.

Далей удзельнікам былі прадстаўленыя праекты zvarot.by, які ўтрымлівае базу дадзеных электронных адрасоў дзяржаўных установаў Беларусі і дапамагае карыстальніку пры дапамозе адмысловай формы скласці і адправіць электронны зварот у патрэбную яму ўстанову, і e-gov.by, які акумулюе ідэі элетроннага ўраду для Беларусі.

Працягнулі прэзентацыяй Пірацкага цэнтра. У ёй распавялі, хто такія піраты, што і навошта яны робяць. Невялікі акцэнт на лагатыпе – жуку, адно са значэнняў якога – разбурэнне капірайту. Таксама ўдзельнікі ўбачылі невялікі відэаролік аб пірацкім цэнтры: хто такія піраты сёння, якія іх мэты і што яны робяць.

 

І апошнім свой даклад прадставіў юрыст Аляксей Казлюк, які раскрыў некаторыя юрыдычныя аспекты Адкрытых Дадзеных, а таксама некаторыя пытанні, якія тычацца законаў аб абароне інфармацыі і інтэлектуальнай маёмасці.

Хочацца адзначыць, што нават пасля афіцыйнага завяршэння мерапрыемства ніхто не спяшаўся разыходзіцца. Гарачая дыскусія аб праблемах капірайта разгарэлася з ініцыятывы Анатоля Бабені. Журналісты бралі інтэрв’ю ў найбольш актыўных удзельнікаў. Апроч таго, было шмат ахвотных пакамунікаваць прыватна з Марцінам Кліімам. Дыскусія павольна перасунулася ў бліжэйшую кавярню, дзе госць распавёў, як прыляцеў у Мінск з ахопленага забастоўкай аэрапорта Франкфурта ўсяго за дзве гадзіны да пачатку канферэнцыі.

Астатнія прэзентацыі з канферэнцыі:

Тэгі: 
You are reporting a typo in the following text:
Simply click the "Send typo report" button to complete the report. You can also include a comment.