Еўрапейская валанцёрская служба (ЕВС)
19 кастрычніка 2016 года Фаланстэр атрымаў акрэдытацыю Еўрапейскай валанцёрскай службы ад праграмы Эразмус+. Гэта значыць, што мы можам прымаць валанцёраў з краін Еўропы і дасылаць беларускіх валанцёраў на розныя еўрапейскія праекты.
Мэта ўдзелу Фаланстэра ў ЕВС руху: спрыяць узмацненню лакальных некамерцыйных арганізацый, развіццю міжнароднага валанцёрства, абмену досведам сярод моладзі і нефармальнай адукацыі.
Што такое ЕВС?
Гэта магчымасць паехаць у адну з краін Еўразвязу ў некамерцыўную агрганізацыю ці ініцыятыву (ці накшталт такой) і валанцёрыць там каля 30 гадзін на тыдзень на працягу перыяду - ад 2 тыдняў да 12 месяцаў (у залежнасці ад праекту).
Амаль усе выдаткі аплочваюцца праектам Эразмус+.
Валанцёр павінен мець узрост ад 17 да 30. Асобая ўвага надаецца моладзі, у якой недастаткова магчымасцяў і прадугледжваецца дапамога пры ўдзеле ў праектах.
Праекты могуць быць вельмі рознымі ў залежнасці ад напрамкаў арганізацый, што іх ладзяць:
- асабістае і сацыяльна-адукацыйнае развіццё;
- грамадскі ўдзел;
- сацыяльная праца;
- праблемы навакольнага асяроддзя;
- нефармальная адукацыя;
- культура і крэатыўнасць;
- інфармацыйныя тэхналогіі, медыяпісьменнасць і г.д.
Ад валанцёра не патрабуюцца прафесійныя навыкі працы ,і на працягу валанцёрства будзе адбывацца адукацыя па тых тэмах, з якімі неабходна будзе працаваць. Самае галоўнае тут - цікавасць да сферы дзейнасці праекта, жаданне ўдзельнічаць, навучацца і прымяняць досвед на практыцы, камунікаваць з супольнасцю.
Важна ведаць, што ЕВС не з’яўляецца:
- выпадковым, неарганізаваным, частковым валанцёрствам.
- працай на прадпрыемстве і аплочваемай працай.
- турыстычнай дзейнасцю.
- моўнымі курсамі.
- эксплуатацыяй таннай працоўнай сілы.
- адукацыяй і прафесійнай падрыхтоўкай за мяжой.
Як трапіць на ЕВС праект?
Каб паўдзельнічаць у адным з ЕВС праектаў ад Фаланстэра, неабходна паваланцёрыць у Фаланстэры (ці прайсці практыку або стажыроўку). Падчас валанцёрства мы абіраем найбольш падыходзячыя кандыдатуры.
Фаланстэр - гэта ў першую чаргу супольнасць актыўных і ініцыятыўных валанцёраў, сацыяльных гікаў, якія ствараюць новую Беларусь. Таму мы жадаем, каб валанцёр ад Фаланстэра першапачаткова дапамог нам у нашых задумах (падзяляючы іх) і папрацаваў на ніве сваёй краіны.
Можна стаць валанцёрам
- любога з бягучых праектаў (Лічбавая Майстэрня, Вікіфікацыя, Філіял Creative Commons і інш.),
- ці працягнуць любы з нашых клубаў,
- ці распачаць свой праект/клуб, якія адпавядаюць місіі Фаланстэра.
Стаць валанцёрам/практыкантам/стажорам
Калі ў вас ёсць пытанні - пішыце нам на пошту falanster.by@gmail.com
П.С. Аўтар фота - Джэк Дзялано (Jack Delano), Грамадскі набытак.
