“Дапаможнік раварыста 2.0” на Грушаўцы
суб, 05/03/2014 - 12:45
У Мінску адбылася першая прэзентацыя “Дапаможніка для раварыста 2.0” ад Фаланстэра! Абноўленую версію брашуры ў друкаваным выглядзе пабачылі госці “Фэста на Грушаўцы” 1-га траўня.

Праз дарогу ад асноўных падзеяў фэстэвалю размесціўся невялічкі блакітны навес, пад якім ладзілася прэзентацыя “Дапаможніка”. А другой гадзіне дня ўсе зацікаўленыя раварысты і не толькі сабраліся там, каб даведацца аб мэтах і навінах праекта і першымі атрымаць запаветную кніжку.
Мерапрыемства складалася з трох частак: аповед аб праекце, распаўсюд толькі надрукаваных брашураў і гутарка з аўдыторыяй.

Расповед аб “Дапаможніку” доўжыўся блізу 15 хвілін, затое камунікацыя са слухачамі апасля цягнулася куды дольш: нехта прапаноўваў сваю дапамогу, хтосьці ацэньваў карысць брашуры і ўсур’ёз задумаўся набыць ровар.

“Гэта файна, што роварны рух у Мінску развіваецца так актыўна”, - падзяліўся сваім уражаннем адзін з прысутных на сустрэчы раварыстаў.
І сапраўды, ад прэзентацыі першай версіі “Дапаможніка раварыста” мінула менш за год, і за гэты кароткі прамежак часу сітуацыя ў горадзе заўважна змянілася. Тых, хто абірае ровар як сродак перасоўвання, становіцца ўсё болей, а роварная сцежка ў выходны дзень па трафіку можа спакойна спаборнічаць з праспектам.



Заўвага ад прамоўцы Сяргея Яўменава:
“Агулам прэзентацыя “Дапаможніка 2.0” прайшла паспяхова. Былі як тыя, хто прыехаў адмыслова на нашую імпрэзу, так і наведвальнікі “Фэсту на Грушаўцы”. Парадавалі атрыманыя прапановы на наступную супрацу і ўдзел у праекце. Мы адкрытыя да прапановаў і далучэнні кожнага зацікаўленага ў змене правілаў”.
“Агулам прэзентацыя “Дапаможніка 2.0” прайшла паспяхова. Былі як тыя, хто прыехаў адмыслова на нашую імпрэзу, так і наведвальнікі “Фэсту на Грушаўцы”. Парадавалі атрыманыя прапановы на наступную супрацу і ўдзел у праекце. Мы адкрытыя да прапановаў і далучэнні кожнага зацікаўленага ў змене правілаў”.

Падноўленая брашура ўтрымлівае ПДР, якія тычацца раварыстаў, парады па ўтрыманні, даглядзе і транспартыроўцы, адрэсы майстэрняў і іншую карысную інфармацыю. На вікі праекта можна знайсці электронную версію “Дапаможніка” і, калі ёсць патрэба, дадаць яе актуальнымі дадзенымі і ўласнымі роварнымі лайф-хакамі.
“Дапаможнік” – нагода для ўсіх актыўных удзельнікаў роварнага руху сабрацца разам і аптымізаваць правілы такім чынам, каб умовы перасоўвання па горадзе былі максымальна зручнымі для ўсіх.
Фаланстар прапануе ўсім зацікаўленым актыўна ўдзельнічаць у праекце і далучыцца да прэзентацыяў-вандровак у гарадах Беларусі:
- Гомель - 17 траўня;
- Брэст - 18 траўня;
- Магілёў - 24 траўня;
- Гродна - 1 чэрвеня.
Вірус Дапаможніка пранікае ў масы! #menyajpravila
Галерэя:
