Падарожжа на Крулеўшчыну: замалёўкі і рэфлексія
26-27 снежня 2016 года Фаланстэр наведаў аграгарадок Крулеўшчына, што ў Докшчыцкім раёне Віцебскай вобласці. У Вікіфікацыі паўдзельнічалі школьнікі і настаўнікі, усяго 9 чалавек.
Постапакаліптычнае неба, бывай! – падумалі вікіпедысты, загрузіўшыся ў цягнік з Глыбокага на Крулеўшчыну. На фінальнай чыгуначнай станцыі апынулася ў тры разы больш ветру, чым у Глыбокім, і амаль не было людзей.

Кіраваліся ў школу аграгарадка, дзе 26-27 снежня былі канікулы, як і ў іншыя дні. Частка школьнікаў з’ехала на экскурсію ў сталіцу, а чацьвёра падлеткаў, два настаўнікі і завуч наважыліся прайсці праз вікіфікацыю, у другі дзень далучылася яшчэ 3 студэнты сярэдняй школы Крулеўшчыны.

Задача на сёння – патлумачыць асновы карыстання вікі-тэхналогіяй і распавесці пра супольнасць. Тыя, хто створыць найлепшыя тэксты і будзе працаваць са свайго акаунта наступныя тры месяцы, атрымаюць запрашэнні на летні злёт вікіпедыстаў.
У Вікіпедыі ўсё ёсць
Але аб чым напісаць?
- Ужо ўсё ёсць, – адказваюць школьнікі.
Але не ўсё: у нас 120 тысяч артыкулаў у беларускай версіі на версіі з афіцыйным правапісам і на тарашкевіцы 60 тысяч. Для параўнання: ва ўкраінскай версіі 670 тысяч тэкстаў, у шведскай - амаль 4 мільёны.

Пры тым, што ў Вікіпедыі ўсё ёсць, артыкула пра Крулеўшчыну, на іх думку, няма. Праверка паказала, што гэта не так: тэкст створаны аж на 4 мовах.
Хто галоўны?
Пытанні, заканамернае для школы – часткі вертыкальнай структуры – задалі завуч і адзін з настаўнікаў: хто правярае ўсю гэту інфармацыю? Ці ёсць у Вікіпедыі галоўны рэдактар?
Ёсць тэхнічны аператар Вікімедыя – некамерцыйная арганізацыя, якая знаходзіцца ў ЗША. Што тычыцца кантэнта – вас правераць толькі іншыя карыстальнікі, – кажа Міхаіл Волчак з “Фаланстэра”.

Што можа быць базісам для Вікіпедыі?
Часам удзельнікі выпадалі з камунікацыі, і гэта ілюстрацыя тыповай праблемы беларускіх школ: адсутнасць моўнага асяродку, валоданне мовай на ўзроўні аўтаперакладчыкаў.
Ці магчымая ўвогуле беларуская школа і… беларуская Вікіпедыя ў ёй? З улікам таго, што глеба для энцыклапедыі – беларуская культура, гісторыя і ІТ.

З тэхналогіямі таксама не ідэальна: можна не казаць пра міргаючыя маніторы, але няведанне гарачых ctrl+c / ctrl+v ды іншыя дробязі паказваюць камп’ютарную бязграматнасць.
Адно што гісторыя: ідэя напісаць аб сваім мястэчку спадабалася ўсім. Школьнікі радасна пайшлі фатаграфаваць малую радзіму па мокрым снезе з пагрозай дажджу і паводзілі сябе як мае быць: чым менш вакол было настаўнікаў, тым ахвотней цікавіліся навакольным светам.
Калі прыязджае мала гасцей
З іншага боку, самі настаўнікі не разумелі, як ставіцца да гасцей з Мінску, бо самыя частыя госці тут праверкі: сустрэў дырэктар, частку часу правяла на сустрэчы завуч. Кантроль ёсць, каб нічога не адбылося.
Праз нейкі час разняволіліся не толькі дзеці, але і дарослыя:
- Можно я заберу ребёночка на репетицию? – зазірнула жанчына.
- Не, нельга, заняткі.

Спіс тэкстаў
- Мода Лаліта (створаны)
- Аграгарадок Крулеўшчына (дапоўнены)
- Вёска Варганы (дапоўнены)
- Анімэ (дапоўнены)
- Царква Праабражэння Гасподняга, Порплішча (дапоўнены)
- Сярэдняя школа, Крулеўшчына (створаны)
- Джэймі Вардзі (дапоўнены)
- Культавыя камяні і святыні Докшчыччыны (створаны)

Працяг – у Здзітава і абласных гарадах
Сустрэча доўжылася два дні. Напрыканцы аўторка дапісалі тэксты, мы раздалі падарункі і, прабіраючыся па цёмных калідорах школы, сыйшлі ў снягі.
Падарожжы «Фаланстэра» працягнуцца. Наступнай кропкай напачатку 2017 года зробіцца аграгарадок Здзітава ў Бярозаўскім раёне, пасля пройдзе “Мова Нанова”-тур з паўтарагадзінавымі лекцыямі ў абласных гарадах – Гародні, Брэсце, Віцебску і Магілёве.
Аўтарка: Ганна Валынец
