Праект Вікі-дапаможнік: 100% done!
Добрая навіна: мы нарэшце давярсталі дапаможнік для рэдактараў-пачаткоўцаў у Вікіпедыі на афіцыйным правапісе і адправілі яго ў друк. На наступным тыдні будзем мець асобнікі на руках і падзелімся з усімі ахвотнымі.
Цяпер можна падвесці вынікі ўсяго праекту.

Ідэя
Ідэя дапаможніка з’явілася болей за год таму: мы бачылі розныя дапаможнікі на іншых мовах і надумалі зрабіць вікі-дапаможнік на беларускай для пашырэння беларускай супольнасці вікіпедыстаў, а значыць, і вольных ведаў на беларускай мове. А нашы майстар-класы паказалі, што дапаможнік будзе карысны пры перадачы ведаў новым людзям.
Канечне, можна было б і самім накідаць тэкст і завярстаць брашурку і на гэтым і ўсё, але значна цікавей было аб’яднаць, зарганізаваць людзей вакол актуальнай для грамадства задачы і зрабіць справу разам.
Працэс

Мы рушылі па плане: у ліпені сабралі самых зацікаўленых і пісалі тэкст дапаможніка прыкладна да канца жніўня (гэта быў класічны правапіс). У жніўні паралельна распачалі краўдфандынг кампанію на Талакошце да кастрычніка. У верасні адбывалася вычытка тэкстаў, афармленне і вёрстка, якая завяршылася ў кастрычніку.
Увесь гэты час быў насычаны сустрэчамі каманды, вікі-падарожжамі, майстар-класамі.
На працягу кастрычніка, лістапада і снежня быў напісаны тэкст на афіцыйным правапісе і зроблена вычытка і вёрстка.
Людзі і лічбы
Каля 18-20 чалавек валанцёрылі (пісалі тэксты, малявалі, вычытвалі, пісалі навіны, мантавалі відэа...), каля 25 чалавек (часткова валанцёры) падтрымалі краўдфандынг праекту (18 з іх на Талакошце).
Каля 10 розных супольнасцяў і грамадскіх арганізацый падтрымала нашу ініцыятыву і прымала ўдзел у працэсе. Галоўнае, удалося прыцягнуць да ўдзелу актывістаў вікі-супольнасці Беларусі.

Колькасць артыкулаў у беларускай Вікіпедыі на працягу года павялічылася прыкладна на 20%, на што часткова паўплывала актыўнасць Фаланстэра.
(На 7 лютага 2015: класічны правапіс - 55 394 артыкулаў, афіцыйны правапіс - 80 322.
На 11 студзеня 2016: класічны правапіс - 57 915 артыкулаў, афіцыйны правапіс - 111 545.)
Што далей?
Вось адсвяткуем 15 год Вікіпедыі і працягнем збіраць ідэі і людзей, якія гатовы круціць планетку Вікіпедыі разам.
Плануем у 2016 годзе зладзіць Вікі-экспедыціі: вылазкі і падарожжы, падчас якіх можна будзе ствараць розны вікі-кантэнт.
Класічны правапіс:
Афіцыйны правапіс:
П.С. Па пытаннях набыцця асобнікаў, ці паведамлення пра памылкі і недакладнасці, ці далучэння да тэмы - пішыце на falanster.by@gmail.com
