"dictum - factum"

Drupal-злёт - плавільны кацёл

аўт, 11/20/2012 - 19:15

15-16 снежня ў Мінску пройдзе ўжо другі Drupal-злёт.

Падрыхтоўка падыходзіць да сваёй фінальнай стадыі. Мы стаміліся, але наперадзе бачым вялікую Зямлю. Каманда Фаланстэра поўная надзей і прагне новых адкрыццяў.

На мерапрыемстве мы жадаем сабраць drupal-распрацоўшчыкаў, якія акрамя стасункаў яшчэ і падзеляцца сваімі ведамі.

Адкрываць. Нам важна правесці не проста сход рамеснікаў, а сацыяльнае мерапрыемства, дзе людзі змогуць знайсці аднадумцаў, а адкрытыя супольнасці - узмацніць сябе мноствам гарызантальных сувязей. Таму, акрамя вэб-распрацоўшчыкаў, гікаў, друпалераў, мы запрасілі іншыя open source супольнасці. На Злёте закранем стан адкрытых дадзеных, паслухаем пра справы беларускай Вікіпедыі і атрымаем інфармацыю пра бягучае становішча альтэрнатыўных ліцэнзій у Беларусі.

Эксперымент. На гэты раз мы вырашылі паэксперыментаваць і зрабіць акцэнт на максімальнай уцягнутасці ўсіх прысутных у рэалізацыю праграмы. Таму адседзецца ў зручнай фатэлі ні ў каго не атрымаецца. Мы будзем прапаноўваць, а дзе трэба, і падштурхоўваць да ўдзелу ў калектыўнай творчасці.

Ствараць. Падчас Злёта мы плануем рэалізаваць сайт сацыяльнай ініцыятывы, якая робіць першыя крокі ў інтэрнэт-прасторы і мае патрэбу ў дапамозе тэхнічных спецыялістаў. На працягу двух дзён будзе дэманстравацца зборка самага годнага па выніках галасавання і меркаваннях аргкамітэта сацыяльнага праекта.

Культура. Таксама мы адчуваем патрэбу павялічыць прысутнасць беларускай культуры ў Drupal-супольнасці. Таму сумесна з усімі лінгвістамі-эксперыментатарамі мы будзем перакладаць гэту CMS далей і лакалізуем шэраг папулярных модуляў.

Гісторыя. Drupal-клубу, які з'яўляецца авангардам у падрыхтоўцы Злёта, не так даўно споўніўся год. За гэты час развіваліся яго ўдзельнікі, змянялася атмасфера супольнасці, колеры і настроі. На самыя выбітныя падзеі ў нас з'яўляліся афішы. Іх калекцыя увесь час расла. Цяпер яна гатовая для невялікай выставы, якую мы назвалі “Афішы Фаланстэра. Частка 1”. Адкрыццё выставы drupal-клуба пройдзе на Злёце ў першы дзень - 15 снежня.

Навошта гэта Фаланстэру?

Мы імкнемся паказаць прыклад таго, што можна рабіць разам і што трэба рабіць разам для атрымання значных вынікаў. Мы жадаем атрымаць добры імідж і сабраць цікавых людзей вакол Фаланстэра, разам з якімі можна будзе адпраўляцца ў новае плаванне сацыяльных вопытаў і эксперыментаў.

You are reporting a typo in the following text:
Simply click the "Send typo report" button to complete the report. You can also include a comment.