Новыя магчымасці для распаўсюду свабоднай культуры па-беларуску
Каманда філіяла Creative Commons скончыла пераклад ліцэнзій на беларускую мову. Зараз абіраць ліцэнзіі для свайго твору або блогу можна на адмысловай старонцы сайта creativecommons.org.
Вядома, што пераклад не з’яўляецца ідэальным і кожны сеткавы жыхар пры жаданні можа далучыцца і выправіць яго або даслаць свае заўвагі па тэксце на пошту - falanster.by@gmail.com
Калі аўтар не мае свайго блогу, дадаць кантэнт пад свабоднымі ліцэензіямі можна на шэрагу сэрвісаў у сеціве, сярод іх найбольш вядомыя:
- youtube, vimeo (відэа)
- wikipedia.org (тэкставы кантэнт)
- slideshare (прэзентацыі)
- soundcloud, jamendo (музыка)
- flickr (фота)
- commons.wikimedia.org (розныя мультымедыя, але ў асноўным фота)
Варта адзначыць, што не ва ўсіх сэрвісах зручнае падключэнне гэтай ліцэнзіі, вельмі часта трэба звяртацца да пашыраных наладак (Advanced Settings).
Са свайго боку сябры Creative Commons у Беларусі дапамогуць аўтарам далучыць свабодныя ліцэнзіі да сваіх блогаў, асобных твораў, або правядуць кансультацыю па пераводу свайго кантэнту на вольныя ліцэнзіі.

Даведка:
Creative Commons - гэта шэраг шырокараспаўсюджаных ліцэнзій на розны кантэнт, які дазваляе аўтарам гнутка ўзаемадзенічаць з карыстальнікамі, гэта значыць перадаваць або пакідаць пэўныя правы на выкарыстанне твору. У адрозненне ад класічных капірайт-ліцэнзій, дзе “all right reserved”, Creative Commons пакідаюць толькі тыя правы, якія захацеў пакінуць аўтар.
