Насустрач свабодным ведам
сер, 07/30/2014 - 20:15
Маладзёжная арганізацыя Фаланстэр адкрывае філіял Творчых Суполак (Creative Commons) у Беларусі.
29 жніўня адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Філіяла, дзе збяруцца зацікаўленыя бакі, а таксама можна будзе падрабязна азнаёміцца з тэмай. Дэталі мерапрыемства будуць пазней.

Sharing is caring
Галоўная місія Філіяла - гэта папулярызацыя публічных адкрытых і свабодных ліцэнзій, павелічэнне грамадскага здабытку і пашырэнне экасістэмы свабоднай культуры і ведаў.
Філіял ужо пазначыў кірунак працы на бліжэйшы год. Удзельнікі філіяла займаюцца вывучэннем розных публічных ліцэнзій у беларускім заканадаўстве, аналізуюць практыку, запатрабаванні творцаў у інструменце гнуткага аўтарства, замежны досвед, арганізоўваюць адкрытыя абмеркаванні, збіраюцца зрабіць першы эксперымент краўдсорсінга абноўленага закона пра аўтарскае права праз сеціва. Падрабязней пра задачы і планы філіяла чытайце на старонцы праекту.
Нядаўна праект “Экасістэма вольных ведаў” з'явіўся на пляцоўцы сацыяльных стартапаў talaka.by. Тут вы можаце ўключыцца ў сумесную працу філіяла.
Вытокі ці кропля камень точыць
У 2011 і 2012 Фаланстэр пачаў ужываць ліцэнзіі Творчых Суполак да кантэнту і дызайну на сваіх сайтах (falanster.by, pirates.by, drupal-sliot.by, nagrady.by), праводзіў Drupal-злёты і адукацыйны клуб, акцэнтуючы ўвагу на прынцыпе працы опенсорснай CMS Drupal, увесну-ўлетку 2013 года арганізоўваў мітапы па вывучэнні капірайту.
З 2013 года Фаланстэр праводзіць перыядычныя Вікі-Дні, на якіх прапануе ўдзельнікам разам дадаваць артыкулы і фатаграфіі ў Вікіпедыю (беларускую, рускую, ангельскую), робіць прэзентацыі на канферэнцыях і распавядае, што такое Творчыя Суполкі і аўтарскае права, распаўсюджвае асветніцкія матэрыялы, а таксама шырыць ідэі вольных ведаў праз стварэнне пірацкага руху ў Беларусі.
Па ўсіх пытаннях можна пісаць на falanster.by@gmail.com.
Натхняемся! Ствараем! Дзелімся!
Даведка:
*Creative Commons — публічныя ліцэнзіі, з дапамогай якіх аўтары і праваўладальнікі могуць выразіць сваю волю і распаўсюджваць свае творы шырэй і свабадней, а спажыўцы кантэнту легальна і прасцей карыстацца гэтымі творамі. (З Вікіпедыі)
Сетка філіялаў Creative Commons налічвае больш ста філіялаў у больш за 70 краінах па ўсім свеце. Філіялы будуюцца на добраахвотніцкіх пачатках і маюць шырокае кола дзейнасці: стварэнне супольнасці; лакалізацыя інфармацыі, злучанай з ліцэнзіямі; правядзенне даследаванняў у вобласці ўжывання ліцэнзій і інш.
